Працу са зваротамі грамадзян абмеркавалі сёння ў Мінскім аблвыканкаме

17 красавіка 2023 года адбылося пасяджэнне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта пад старшынствам Аляксандра Турчына, у якім прыняў удзел Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка.

На парадак дня для разгляду было вынесена пытанне «Аб рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 года № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва».

— Неабходна ўзмацніць кантроль за работай са зваротамі грамадзян. Людзі прыходзяць з тымі праблемамі, якія мы абавязаны вырашаць. Хай мы не можам зрабіць гэта аднамомантна, але ў нашых сілах вырашыць праблему ў будучыні, - адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. - Павінен таксама працаваць дэпутацкі корпус. Дэпутаты павінны ведаць мясцовыя праблемы. Акрамя нас, гэтыя пытанні ніхто вырашыць не зможа. Даручэнняў зверху чакаць не трэба.

Добра сябе зарэкамендавала такая форма працы з людзьмі, як прамыя тэлефонныя лініі, у тым ліку тэматычныя. Званкі па загадзя абазначаных тэмах дазволілі зрабіць зрэз праблем у розных галінах сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарцы і выпрацаваць шляхі іх вырашэння.

Была абмеркавана дзейнасць службаў «адно акно» Мінскай вобласці.

«— Лакмусавая паперка настрояў нашага грамадства — гэта звароты грамадзян», — мяркуе Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка. - Але калі чалавека з «аднаго акна» адпраўляюць у іншыя кабінеты, то ўвесь сэнс службы губляецца.

Міністр падкрэсліў, што нельга спыняцца на дасягнутым і працу з насельніцтвам неабходна выбудоўваць з улікам перспектывы. Так, Міністр прапанаваў разгледзець пытанне аб пашырэнні пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца праз службу «адно акно». Напрыклад, у сферы грамадзянства і міграцыі, а таксама асобных пытанняў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі. Такі вопыт ужо ўкаранёны ў Расійскай Федэрацыі і Узбекістане.

Напрыканцы свайго выступу Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка ўручыў пахвальныя водзывы па выніках штогадовага конкурсу сярод нарматворчых органаў і супрацоўнікаў, якія ажыццяўляюць абавязковую юрыдычную экспертызу. Пахвальных водзываў Міністэрства юстыцыі ўдастоены:

у намінацыі «Лепшы нарматворчы орган» у катэгорыі «20 і больш нарматыўных прававых актаў у год» - Мінскі абласны Савет дэпутатаў і Мінскі абласны выканаўчы камітэт;

у намінацыі «Лепшы нарматворчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню» - Любанскі раённы Савет дэпутатаў і Любанскі раённы выканаўчы камітэт.

Начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама Аляксандр Бачыла расказаў, што летась служба «адно акно» прыняла больш за 180 тысяч заяў. Дзейнасць службы «адно акно» пастаянна вывучаецца і аналізуецца, што дае магчымасць прымаць своечасовыя рашэнні па аптымізацыі працы з улікам характару зваротаў і загружанасці супрацоўнікаў. Напрыклад, адзін работнік службы ў дзень прымае ў сярэднім 4-5 заяў. У Мінскім раёне спецыяліст прымае 17. Каб выраўнаваць сітуацыю, колькасць работнікаў павялічылі.

Па інфармацыі mlyn.by

Версiя для друку
Падзяліцца: