Аб змяненні законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці

29 чэрвеня 2020 г. прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці» (далей – Закон).

Асноўныя палажэнні Закона прапанаваны з улікам практыкі правапрымянення і міжнароднага вопыту, уступаюць у сілу з 3 студзеня 2021 г. і датычацца важных аспектаў арганізацыі натарыяльнай дзейнасці, кампетэнцыі натарыусаў, упаўнаважаных службовых асоб мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Так, з 3 студзеня 2021 г. натарыяльную тайну не будуць складаць звесткі аб пасведчанні даверанасці (імя грамадзяніна або найменне юрыдычнай асобы, якая выдала даверанасць, імя натарыуса, які засведчыў даверанасць, дата яе пасведчання і парадкавы нумар ў рэестры для рэгістрацыі натарыяльных дзеянняў), якiя размешчаны на афіцыйным сайце Беларускай натарыяльнай палаты, што, несумненна, будзе мець практычную важнасць у абароне праў асоб - удзельнікаў здзелак і грамадзянскага абароту. Дадзенае змяненне перашкодзіць выкарыстанню падробленых даверанасцей і дасць грамадзянам і юрыдычным асобам, апрача абароны іх праў, найбольшы ўзровень камфорту, бо звесткі будуць даступныя ў любы момант, калі такая інфармацыя спатрэбіцца.

У Законе замацоўваецца прэзумпцыя дакладнасці натарыяльнага акта: змест натарыяльнага акта лічыцца сапраўдным, пакуль не даказана адваротнае.

Законам выключаецца тэрытарыяльны прынцып пасведчання здзелак з нерухомай маёмасцю: з моманту ўступлення Закона ў сілу грамадзяне, юрыдычныя асобы змогуць звяртацца за пасведчаннем дагавораў адчужэння нерухомай маёмасці да любога натарыуса краіны без улiку  месца знаходжання маёмасці ў пэўнай натарыяльнай акрузе.

Таксама пачнуць дзейнічаць палажэнні, накіраваныя на спрашчэнне рэгістрацыі праў па натарыяльна пасведчаных здзелках. Прадстаўляючы інтарэсы асоб, якія звярнуліся за ўчыненнем натарыяльнага дзеяння з нерухомай маёмасцю, для ажыццяўлення рэгістрацыйных дзеянняў натарыусы будуць мець права падаваць дакументы ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, праў на яго і здзелак з ім і атрымліваць адпаведныя дакументы ў электронным відзе.

Вырашыць практычныя праблемы спагнання запазычанасці, звязаныя з пераменай асоб у абавязацельстве або рэарганізацыяй юрыдычных асоб пасля ўчынення выканаўчага надпісу, але да ўзбуджэння выканаўчага вядзення, прызваны палажэнні, якія надзяляюць натарыуса правам учынення натарыяльнага дзеяння па ўстанаўленні ў дачыненні даўжніка або спагнанніка па выканаўчым надпісе фактаў правапераемства, змянення наймення юрыдычнай асобы, імя грамадзяніна. У пацвярджэнне прызначаных абставін будуць выдавацца пасведчанні, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай выканаўчых надпісаў.

Рэгламентацыю атрымалі новыя праваадносіны, якія звязаны з укараненнем інфармацыйных тэхналогій, а таксама накіраваны на прадастаўленне дадатковых гарантый абароны праў удзельнікаў карпаратыўных праваадносін: з 3 студзеня 2021 г. натарыусы надзяляюцца правам сведчання электроннай копіі дакумента на папяровым носьбіце, пасведчання заявы ўдзельнікаў таварыства з абмежаванай адказнасцю (таварыства з дадатковай адказнасцю) аб выхадзе з таварыства.

З улікам міжнароднага вопыту і натарыяльнай практыкі палажэннямі Закона комплексна ўрэгуляваны пытанні грамадзянскай адказнасці натарыуса за шкоду, якая прычынена па яго віне маёмасці фізічнай або юрыдычнай асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім натарыяльнай дзейнасці. Законам ставіцца спецыяльны тэрмін іскавай даўнасці ў 10 год па патрабаваннях аб выплаце страхавога пакрыцця, якое выцякае з дагавораў страхавання грамадзянскай адказнасці натарыуса.

У якасці дадатковай сацыяльнай гарантыі сельскія (пасялковыя) выканаўчыя камітэты нароўні з арганізацыямі, у якой давернік працуе або вучыцца, арганізацыямі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонда і (або) якія прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, надзяляюцца правам пасведчання даверанасцей на атрыманне пенсій і дапамогі (не натарыяльнае пасведчанне). У сувязі з гэтым Законам унесены змяненні ў Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні».

Упаўнаважаныя службовыя асобы сельскіх (пасялковых) выканаўчых камітэтаў з 3 студзеня 2021 г. не будуць натарыяльна сведчыць завяшчанні, згоды, даверанасці, але, як i раней, будуць сведчыць вернасць копій дакументаў і выпісак з дакументаў, сапраўднасць подпісу на дакументах, а таксама выконваць іншыя натарыяльныя дзеянні, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці».

Палажэнні Закона таксама накіраваны на ўдакладненне, якiя датычацца дзейнасці натарыяльных архіваў, кампетэнцыі органаў натарыяльнага самакіравання, учынення асобных натарыяльных дзеянняў, функцыянавання адзінай электроннай сістэмы ўліку натарыяльных дзеянняў і спадчынных спраў.

Версiя для друку
Падзяліцца: