Палажэнне аб галоўным упраўленні юстыцыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта
1. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта (далей – Галоўнае ўпраўленне юстыцыі) утвараецца Мінскім абласным выканаўчым камітэтам (далей – аблвыканкам), з'яўляецца яго структурным падраздзяленнем і ўваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца аблвыканкаму і адначасова Міністэрству юстыцыі.
2. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі ў сваёй дзейнасці кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства, а таксама гэтым Палажэннем.
3. Асноўнымі задачамі Галоўнага ўпраўлення юстыцыі з'яўляюцца:
3.1. арганізацыя прававога забеспячэння функцыянавання аблвыканкама і захавання законнасці яго дзейнасці;
3.2. ажыццяўленне арганізацыйнага, кадравага, фінансавага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання;
3.3. арганізацыя прымусовага выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў;
3.4. арганізацыя работы па забеспячэнні поўнай, дакладнай i своечасовай прававой інфармацыяй органаў прымусовага выканання;
3.5. ажыццяўленне метадычнага кіраўніцтва дзейнасцю аддзелаў запісу актаў грамадзянскага стану раённых, Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў (далей – аддзелы загса), гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых, сельскіх выканаўчых камітэтаў па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану;
3.6. ажыццяўленне кантролю за выкананнем натарыусамі Мінскай абласной натарыяльнай акругі (далей – натарыусы), Мінскай абласной натарыяльнай палатай Беларускай натарыяльнай палаты (далей – натарыяльная палата вобласці) заканадаўства аб натарыяце;
3.7. дзяржаўная рэгістрацыя тэрытарыяльных прафесійных саюзаў, прафесійных саюзаў у арганізацыях, мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый), мясцовых фондаў, пастаноўка на ўлік і дзяржаўная рэгістрацыя арганізацыйных структур палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб'яднанняў, пастаноўка на ўлік і дзяржаўная рэгістрацыя арганізацыйных структур рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў, пастаноўка на ўлік пастаянна дзеючых трацейскіх судоў, створаных у якасці адасобленых падраздзяленняў (падраздзяленняў) юрыдычных асоб, пастаноўка на ўлік арганізацый, якія забяспечваюць правядзенне медыяцыі, створаных у якасці адасобленага падраздзялення юрыдычнай асобы;
3.8. арганізацыя дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спынення дзейнасці) камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў;
3.9. фарміраванне і вядзенне тэрытарыяльнай часткі адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (далей - АДР);
3.10. ажыццяўленне абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню (далей – базавы ўзровень);
3.11. рэалізацыя адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы архіўнай справы і справаводства, фарміраванне Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне захаванасці дакументаў, арганізацыя іх дзяржаўнага ўліку і выкарыстання, арганізацыя работы дзяржаўных архіваў Мінскай вобласці і аказанне ім метадычнай дапамогі;
3.12. удзел у прававой асвеце насельніцтва.
3.13. ажыццяўленне агульнай каардынацыі дзейнасці Жодзінскага гарадскога, раённых выканаўчых камітэтаў Мінскай вобласці, службы «адно акно» па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур.
____________________________________________________
Пункт 3 дапоўнены падпунктам 3.13 рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 9 лютага 2022 г. № 85
4. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі ў адпаведнасці з ускладзенымі на яго задачамі і ў межах сваёй кампетэнцыі:
4.1. у якасці юрыдычнай службы:
удзельнічае ў падрыхтоўцы з іншымі структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкама альбо самастойна падрыхтоўвае прапановы аб удасканаленні заканадаўства па напрамках дзейнасці аблвыканкама, удзельнічае ў распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых і іншых прававых актаў;
праводзіць абавязковую юрыдычную экспертызу ў дачыненні да праектаў нарматыўных прававых актаў аблвыканкама, тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія не адносяцца да вобласці тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, ненарматыўных (індывідуальных) прававых актаў і лакальных прававых актаў, праектаў нарматыўных прававых актаў Мінскага абласнога Савета дэпутатаў (далей - аблсавет);
праводзіць абавязковую юрыдычную экспертызу праектаў інвестыцыйных дагавораў;
удзельнічае ў падрыхтоўцы структурнымі падраздзяленнямі альбо самастойна падрыхтоўвае прапановы аб прызнанні страціўшымі сілу, змяненні нарматыўных прававых актаў аблвыканкама ў мэтах забеспячэння іх унутранай узгодненасці і прывядзення ў адпаведнасць з законамі, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь і іншымі міжнародна-прававымі актамі, якія змяшчаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь;
па даручэнні кіраўніцтва аблвыканкама ўдзельнічае ў разглядзе іншымі структурнымі падраздзяленнямі праектаў нарматыўных прававых і іншых прававых актаў, якія паступаюць у аблвыканкам, і дае заключэнні, якія тычацца нарматворчай дзейнасці;
абагульняе сумесна з іншымі структурнымі падраздзяленнямі і аналізуе правапрымяняльную практыку аблвыканкама, уносіць прапановы аб яе ўдасканаленні;
удзельнічае ў распрацоўцы структурнымі падраздзяленнямі перспектыўных і бягучых планаў нарматворчай дзейнасці аблвыканкама, у рэалізацыі гэтых планаў і кантролі за іх выкананнем, а таксама прымае меры па каардынацыі падрыхтоўкі ў аблвыканкаме планаў мерапрыемстваў па выкананні даручэнняў, выкладзеных у заключных палажэннях заканадаўчых актаў, і ўдзельнічае ў іх рэалізацыі;
ажыццяўляе ацэнку праектаў нарматыўных прававых актаў, падрыхтаваных самім аблвыканкамам і прадстаўляемых на подпіс кіраўніцтву аблвыканкама, праектаў нарматыўных прававых актаў аблсавета на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нарматыўным прававым актам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, законам і іншым нарматыўным прававым актам большай юрыдычнай сілы, сумяшчальнасці з нарматыўнымі прававымі актамі аднолькавай юрыдычнай сілы ў адносінах да праекта нарматыўнага прававога акта, выканання патрабаванняў нарматворчай тэхнікі, адпаведнасці міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь і іншым міжнародна-прававым актам, якія змяшчаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку патрабаванням уніфікацыі і гарманізацыі заканадаўства ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў, удзельніцай якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь;
уносіць прапановы аб падрыхтоўцы мер, накіраваных на ліквідацыю прычын і ўмоў, якія спрыяюць парушэнню законнасці ў дзейнасці аблвыканкама, а ў неабходных выпадках удзельнічае ў іх рэалізацыі;
сумесна з іншымі структурнымі падраздзяленнямі разглядае звароты (прапановы, заявы, скаргі) грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, у якіх указваецца на парушэнне законнасці ў дзейнасці аблвыканкама і падпарадкаваных яму (уваходзячых у яго склад, сістэму) дзяржаўных арганізацый (далей – падначаленыя арганізацыі), па даручэнні кіраўніцтва прымае ўдзел у разглядзе матэрыялаў па выніках праверак, якія праводзяцца ў аблвыканкаме, інвентарызацый, дае прававыя заключэнні па фактах выяўленых парушэнняў;
ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне нарматворчай дзейнасці аблвыканкама;
распрацоўвае рэкамендацыі, а таксама праекты нарматыўных прававых актаў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці прававой работы ў аблвыканкаме;
прымае ўдзел у распрацоўцы прапаноў аб удасканаленні сістэмы кіравання ў аблвыканкаме, вызначэнні правоў і абавязкаў структурных падраздзяленняў і службовых асоб аблвыканкама;
удзельнічае ў правядзенні мерапрыемстваў па павышэнні прававых ведаў работнікаў аблвыканкама, падпарадкаваных аблвыканкаму арганізацый;
аказвае работнікам аблвыканкама па іх просьбе дапамогу ў пошуку нарматыўных прававых і іншых прававых актаў па напрамках дзейнасці аблвыканкама, пры неабходнасці тлумачачы палажэнні гэтых актаў;
ацэньвае на адпаведнасць заканадаўству дагаворы, падрыхтаваныя структурнымі падраздзяленнямі да заключэння аблвыканкамам, візуе такія дагаворы;
абараняе маёмасныя і іншыя інтарэсы аблвыканкама пры разглядзе спрэчак па пазовах, што прад'яўляюцца аблвыканкамам або да аблвыканкама, удзельнічае ў падрыхтоўцы іншымі структурнымі падраздзяленнямі неабходных у сувязі з гэтым дакументаў;
ва ўстаноўленым парадку прадстаўляе інтарэсы аблвыканкама ў іншых дзяржаўных органах пры разглядзе прававых пытанняў;
ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва арганізацыяй прававой работы ў падпарадкаваных аблвыканкаму арганізацыях;
праводзіць ва ўстаноўленым парадку прыём насельніцтва па прававых пытаннях;
4.2. у дачыненні да дзейнасці тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання:
ажыццяўляе арганізацыйнае, кадравае, фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання;
рэалізуе дзяржаўную палітыку ў сферы арганізацыі прымусовага выканання выканаўчых дакументаў;
арганізуе прымусовае выкананне выканаўчых дакументаў;
аказвае практычную і метадычную дапамогу судовым выканаўцам на месцах, у тым ліку па аднастайнаму прымяненню норм заканадаўства, у неабходных выпадках забяспечвае непасрэдны ўдзел упраўлення прымусовага выканання ў прымусовым выкананні выканаўчых дакументаў;
вывучае арганізацыю і практыку работы тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання;
ажыццяўляе кантроль па вядзенні выканаўчага вядзення ў тэрытарыяльных аддзелах прымусовага выканання, а таксама рэалізуе іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на выкананне задач тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання;
арганізуе выкананне пастаноў, загадаў Міністэрства юстыцыі па пытаннях выканаўчага вядзення;
забяспечвае збор і аналіз справаздачнай інфармацыі аб выкананні выканаўчых дакументаў тэрытарыяльнымі органамі прымусовага выканання, кантралюе працу тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання па вядзенні першаснага ўліку і статыстыкі;
распрацоўвае і ўносіць у Міністэрства юстыцыі прапановы па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання і ўдасканаленні заканадаўства па пытаннях выканання, па распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў, рэгулюючых дзейнасць органаў прымусовага выканання, па ўжыванні і мадэрнізацыі праграмна-тэхнічных сродкаў;
забяспечвае функцыянаванне і тэхнічнае абслугоўванне банкаў даных выканаўчых вытворчасцей і іншага ўстаноўленага ў тэрытарыяльных аддзелах прымусовага выканання праграмнага забеспячэння, неабходнага для вядзення выканаўчай вытворчасці;
прадстаўляе ва ўстаноўленыя тэрміны ў Міністэрства юстыцыі інфармацыйна-аналітычныя дадзеныя па абагульненні работы са зваротамі грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб, інфармацыйныя даведкі аб выніках праверак тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання па выкананні судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў, іншыя звесткі аб рабоце тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання;
забяспечвае разгляд у межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, зваротаў грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб;
назапашвае і вядзе ўлік прымусовага збору ў цэлым па вобласці і асобна па кожнаму аддзелу прымусовага выканання;
забяспечвае мэтавае, эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне прымусовага збору;
арганізуе і праводзіць у парадку, вызначаным заканадаўствам, закупкі тавараў (работ, паслуг) для забеспячэння дзейнасці тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання;
у парадку, вызначаным заканадаўствам, арганізуе і праводзіць капітальны і бягучы рамонт будынкаў (памяшканняў) тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання;
арганізуе падбор заказчыкаў, праекціроўшчыкаў, генеральных падрадчыкаў на аб'екты капітальнага будаўніцтва будынкаў тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне капітальных укладанняў;
ажыццяўляе іншыя функцыі ў сферы арганізацыі прымусовага выканання, прадугледжаныя заканадаўствам;
4.3. у сферы натарыяльнай дзейнасці:
каардынуе дзейнасць па выкананні заканадаўства аб натарыяце ўпаўнаважанымі службовымі асобамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, аказвае ім метадычную дапамогу і распрацоўвае меры, накіраваныя на ўдасканаленне правапрымяняльнай практыкі;
узгадняе рашэнні натарыяльнай палаты вобласці па пытаннях утварэння скасавання натарыяльных кантор, вызначэння (вызвалення ад абавязкаў) загадчыкаў натарыяльнымі канторамі, вызначэння колькасці стажораў натарыусаў у межах колькасці натарыусаў для натарыяльнага акругі;
узгадняе рашэнні праўлення Беларускай натарыяльнай палаты па пытаннях утварэння натарыяльных бюро ў Мінскай абласной натарыяльнай акрузе ў межах колькасці натарыусаў, якія ажыццяўляюць натарыяльную дзейнасць у натарыяльных бюро;
рэгіструе натарыяльныя канторы, натарыяльныя бюро ў парадку, устаноўленым Міністэрствам юстыцыі;
па ўзгадненні з натарыяльнай палатай вобласці прымаюць меры па каардынацыі дзейнасці натарыусаў, якія ажыццяўляюць натарыяльную дзейнасць у межах натарыяльнага акругі, у тым ліку размяркоўваюць паміж імі абавязкі па афармленні спадчынных правоў пасля асобных катэгорый спадчынадаўцаў, месца адкрыцця спадчыны якіх знаходзіцца ў гэтай натарыяльнай акрузе;
па ўзгадненні з натарыяльнай палатай вобласці ўстанаўлівае патрабаванні да месца знаходжання натарыяльных кантор, натарыяльных бюро ў пэўным раёне горада (яго часткі) альбо ў межах пэўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі;
атрымлівае ад натарыяльнай палаты вобласці, натарыусаў звесткі і (або) дакументы, неабходныя для ажыццяўлення прадугледжаных заканадаўчымі актамі паўнамоцтваў, пры ўмове захавання натарыяльнай тайны;
па ўзгадненні з натарыяльнай палатай вобласці вызначае натарыуса, якому перадаецца вядзенне адкрытай спадчыннай справы, у выпадку паступлення ад усіх прыняўшых спадчыну спадчыннікаў заявы (заяў) аб замене натарыуса;
па ўзгадненні з натарыяльнай палатай вобласці вызначае месца здзяйснення натарыяльнага дзеяння ў выпадку, калі згодна з заканадаўствам натарыяльнае дзеянне павінна быць здзейснена пэўным натарыусам;
вызначае месца здзяйснення натарыяльнага дзеяння ў выпадку, калі згодна з заканадаўствам натарыяльнае дзеянне павінна быць здзейснена пэўнай упаўнаважанай службовай асобай мясцовага выканаўчага і распарадчага органа;
па ўзгадненні з натарыяльнай палатай вобласці сцвярджае парадак перадачы дакументаў у Натарыяльны архіў альбо іншаму натарыусу ў выпадках надзялення натарыуса паўнамоцтвамі на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці ў іншай натарыяльнай акрузе, прыпынення паўнамоцтваў натарыуса або анулявання пасведчання на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці, выдадзенага натарыусу, аднаўлення паўнамоцтваў натарыуса;
прымае ад асобы, якая страціла статус натарыуса, пасведчанне на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці і дакумент, які пацвярджае знішчэнне пячаткi з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, і накіроўвае іх у Міністэрства юстыцыі;
стварае ва ўстаноўленых заканадаўствам выпадках сумесна з натарыяльнай палатай вобласці камісіі:
па выкананні дзеянняў у выпадку немагчымасці выканання адпаведных абавязкаў натарыусам, паўнамоцтвы якога прыпынены, па перадачы пячаткi з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь на захоўванне ў натарыяльную палату вобласці, прыняцці мер па адкліканні адкрытых ключоў і (або) атрыбутных сертыфікатаў, па забеспячэнні доступу да дакументаў, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці натарыуса, паўнамоцтвы якога прыпынены;
па выкананні дзеянняў у выпадку адсутнасці асобы, якая страціла статус натарыуса, па здачы на знішчэнне пячаткi з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, прадстаўленні пасведчання на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці, здачы пасведчання натарыуса ў беларускую натарыяльную палату, здачы дакументаў, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці натарыуса, бланкаў натарыуса і штампаў засведчваючых надпісаў (пры іх наяўнасці) у парадку, устаноўленым заканадаўствам;
удзельнічае ў распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў у галіне рэгулявання натарыяльнай дзейнасці;
садзейнічае натарыяльнай палаце вобласці ў інфармацыйна-прававым забеспячэнні дзейнасці натарыусаў, правядзенні мерапрыемстваў па павышэнню кваліфікацыі натарыусаў;
ажыццяўляе ў адпаведнасці з актамі заканадаўства іншыя паўнамоцтвы, звязаныя з рэгуляваннем натарыяльнай дзейнасці;
4.4. у сферы дзейнасці адвакатуры па даручэнні Міністэрства юстыцыі:
атрымлівае ад калегій адвакатаў звесткі і дакументы, неабходныя для ажыццяўлення прадугледжаных заканадаўствам паўнамоцтваў, пры ўмове захавання адвакацкай тайны;
аказвае садзейнічанне Мінскай абласной калегіі адвакатаў у інфармацыйна-прававым забеспячэнні іх дзейнасці, правядзенні мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі адвакатаў;
ажыццяўляе іншыя функцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам;
4.5. у сферы дзейнасці аддзелаў загса, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых і сельскіх выканаўчых і распарадчых органаў (далей – органы загса) па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану:
ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю органаў загса па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану;
праводзіць праверкі дзейнасці органаў загса па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану;
удзельнічае ў рабоце атэстацыйных камісій пры правядзенні атэстацыі кіраўнікоў аддзелаў загса;
ажыццяўляе кантроль за правядзеннем аддзеламі загса праверак дзейнасці гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых, сельскіх выканаўчых камітэтаў па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану;
аказвае садзейнічанне ў арганізацыі мерапрыемстваў па павышэнню кваліфікацыі работнікаў аддзелаў загса;
у выпадках і парадку, устаноўленых заканадаўствам, забяспечвае разгляд абскарджваемых адміністрацыйных рашэнняў, прынятых органамі загса;
у парадку, устаноўленым заканадаўствам, дае дазвол (адмаўляе ў дазволе) аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку пры разглядзе матэрыялаў аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку;
у выпадках, устаноўленых заканадаўствам, узгадняе выдачу аддзеламі загса, архівам органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, галоўнага ўпраўлення юстыцыі (далей – архіў органаў загса) даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісу акта грамадзянскага стану, аб запісах актаў грамадзянскага стану, аб адсутнасці запісу акта грамадзянскага стану, паведамленняў аб адсутнасці запісу акта;
прадстаўляе ў Міністэрства юстыцыі дакументы для ўзгаднення прызначэння на пасаду і вызвалення ад пасады кіраўнікоў аддзелаў загса, а таксама для заключэння (падаўжэння, спынення) з імі кантрактаў;
прадстаўляе ў Міністэрства юстыцыі дакументы для ўзгаднення прызначэння на пасаду кіраўніка структурнага падраздзялення галоўнага ўпраўлення юстыцыі - архіва органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану;
ажыццяўляе праверку стану ўліку, захоўвання, выкарыстання бланкаў пасведчанняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану;
абагульняе і прадстаўляе ў Міністэрства юстыцыі ведамасную справаздачнасць і іншую інфармацыю аб рабоце органаў загса, архіва органаў загса;
вывучае і абагульняе практыку і станоўчы вопыт работы органаў загса;
распрацоўвае і ажыццяўляе мерапрыемствы па ўдасканаленні дзейнасці органаў загса па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану;
абагульняе прапановы работнікаў аддзелаў загса і ўносіць у Міністэрства юстыцыі прапановы па ўдасканаленні заканадаўства па пытаннях рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану;
аказвае садзейнічанне ў інфармацыйна-прававым забеспячэнні органаў загса па пытаннях рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану;
4.6. у сферы дзейнасці мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый), мясцовых фондаў, арганізацыйных структур палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, трацейскіх судоў і арганізацый, якія забяспечваюць правядзенне медыяцыі, створаных у якасці адасобленых падраздзяленняў юрыдычных асоб:
ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю тэрытарыяльных прафесійных саюзаў, прафесійных саюзаў у арганізацыях, мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый), мясцовых саюзаў (асацыяцый) па вiдзе (відах) спорту, створаных з удзелам грамадскага аб'яднання (грамадскіх аб'яднанняў), мясцовых фондаў, змяненняў і (або) дапаўненняў у іх статуты, гімнаў, значкоў, вымпелаў, гальштукаў тэрытарыяльных прафесійных саюзаў, мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый), мясцовых саюзаў (асацыяцый) па вiдзе (відах) спорту, створаных з удзелам грамадскага аб'яднання (грамадскіх аб'яднанняў);
ажыццяўляе пастаноўку на ўлік і дзяржаўную рэгістрацыю арганізацыйных структур палітычных партый, абласных і міжабласных арганізацыйных структур прафесійных саюзаў, грамадскіх аб'яднанняў, рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў;
уносіць запіс аб выключэнні з часопісаў пастаноўкі на ўлік і дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйных структур палітычных партый, прафесійных саюзаў, грамадскіх аб'яднанняў; выключэнні з часопісаў пастаноўкі на ўлік і дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйных структур рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў запісаў аб пастаноўцы на ўлік арганізацыйных структур названых аб'яднанняў, не надзеленых правамі юрыдычнай асобы, і аб дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыйных структур, надзеленых правамі юрыдычнай асобы;
вядзе рэестры тэрытарыяльных прафесійных саюзаў, прафесійных саюзаў у арганізацыях, мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый), часопісы пастаноўкі на ўлік і дзяржаўнай рэгістрацыі адпаведных арганізацыйных структур палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб'яднанняў, арганізацыйных структур рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб'яднанняў;
вядзе дзяржаўны інфармацыйны рэсурс для адзінай сістэмы ўліку палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў і іх саюзаў (асацыяцый);
выносіць мясцовым грамадскім аб'яднанням, іх саюзам (асацыяцыям), мясцовым фондам пастаянна дзеючым трацейскім судам, створаным у якасці адасобленых падраздзяленняў (падраздзяленняў) юрыдычных асоб, пісьмовыя папярэджанні, паказвае ў іх на дапушчаныя парушэнні, а таксама прымае іншыя меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў;
звяртаецца з заявамі ў суд аб прыпыненні дзейнасці мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый);
звяртаецца з заявамі ў суд аб ліквідацыі мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый), мясцовых фондаў прызнанні пастаноўкі на ўлік пастаянна дзеючых трацейскіх судоў, створаных у якасці адасобленых падраздзяленняў (падраздзяленняў) юрыдычных асоб, несапраўднай і пазовам аб іх ліквідацыі;
ажыццяўляе пастаноўку на ўлік пастаянна дзеючых трацейскіх судоў, створаных у якасці адасобленых падраздзяленняў (падраздзяленняў) юрыдычных асоб, зняцце іх з уліку, вядзе часопісы ўліку трацейскіх судоў, створаных у якасці адасобленых падраздзяленняў (падраздзяленняў) юрыдычных асоб;
утварае абласную грамадскую назіральную камісію пры галоўным упраўленні юстыцыі, якая ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, ажыццяўляе арганізацыйнае забеспячэнне яе дзейнасці;
забяспечвае ўзаемадзеянне з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць працэдуру пастаноўкі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў на ўлік у якасці плацельшчыкаў у падатковых органах, рэспандэнтаў дзяржаўных статыстычных назіранняў і плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў, рэгістрацыю ў якасці страхавальнікаў па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў тэрытарыяльных прафесійных саюзаў, прафесійных саюзаў у арганізацыях, мясцовых грамадскіх аб'яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый) мясцовага Саюза (асацыяцыі) па вiдзе (відах) спорту, створанага з удзелам грамадскага аб'яднання грамадскіх аб'яднанняў, мясцовых фондаў, зарэгістраваных галоўным упраўленнем юстыцыі;
ажыццяўляе сістэматызацыю і захоўванне дадзеных аб дзяржаўнай рэгістрацыі мясцовых фондаў;
выдае пасведчанне кіраўніка мясцовага грамадскага аб'яднання, іх саюза (асацыяцыі), мясцовага фонду;
ажыццяўляе пастаноўку на ўлік і зняцце з уліку арганізацый, якія забяспечваюць правядзенне медыяцыі, створаных у якасці адасобленых падраздзяленняў юрыдычных асоб (далей – адасобленае падраздзяленне юрыдычнай асобы, якая забяспечвае правядзенне медыяцыі), вядзе часопісы ўліку адасобленых падраздзяленняў юрыдычных асоб, якія забяспечваюць правядзенне медыяцыі;
выдае пасведчанне аб пастаноўцы на ўлік адасобленага падраздзялення юрыдычнай асобы, якая забяспечвае правядзенне медыяцыі;
прадстаўляе ў Міністэрства юстыцыі інфармацыю аб пастаноўцы на ўлік (зняцці з уліку) адасобленага падраздзялення юрыдычнай асобы, якая забяспечвае правядзенне медыяцыі, унясенні змяненняў у пасведчанне аб пастаноўцы на ўлік адасобленага падраздзялення юрыдычнай асобы, якая забяспечвае правядзенне медыяцыі;
уносіць змены ў пасведчанне аб пастаноўцы на ўлік адасобленага падраздзялення юрыдычнай асобы, якая забяспечвае правядзенне медыяцыі;
выдае дублікат пасведчання аб пастаноўцы на ўлік адасобленага падраздзялення юрыдычнай асобы, якая забяспечвае правядзенне медыяцыі;
4.7. у дачыненні да зваротаў грамадзян:
разглядае звароты грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі галоўнага ўпраўлення юстыцыі, прымае меры па ўдасканаленні гэтай работы;
прадстаўляе ва ўстаноўленыя тэрміны Міністэрству юстыцыі інфармацыйна-аналітычныя дадзеныя па абагульненні работы са зваротамі грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб;
4.8. у сферы дзейнасці асоб, якія маюць спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на аказанне юрыдычных паслуг (якія складаюць ліцэнзуемы від дзейнасці паслугі; юрыдычныя паслугі, рыэлтарскія паслугі):
разглядае ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі пытанні, звязаныя з выкананнем заканадаўства пры аказанні юрыдычных і рыэлтарскіх паслуг грамадзянам і арганізацыям;
аказвае садзейнічанне ў правядзенні мерапрыемстваў па павышэнню кваліфікацыі асоб, якія аказваюць юрыдычныя паслугі, асоб, якія маюць пасведчанні аб атэстацыі рыэлтара, кіраўнікоў рыэлтарскіх арганізацый, прэтэндэнтаў на пасаду агента па аперацыях з нерухомасцю;
вывучае, абагульняе і распаўсюджвае станоўчы вопыт работы ў сферы аказання юрыдычных паслуг;
праводзіць маніторынг матэрыялаў, якія публікуюцца ў сродках масавай інфармацыі, на прадмет адпаведнасці заканадаўству выступленняў па пытаннях, што тычацца сферы, якая курыруецца Міністэрствам юстыцыі;
па выніках аналізу дзейнасці асоб, якія маюць спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на ажыццяўленне дзейнасці па аказанні юрыдычных паслуг (якія складаюць ліцэнзуемы від дзейнасці паслугі: юрыдычныя паслугі, рыэлтарскія паслугі), уносіць прапановы па ўдасканаленні нарматыўнага рэгулявання;
ажыццяўляе іншыя функцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам;
4.9. у сферы дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спынення дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання:
узгадняе найменні камерцыйных і некамерцыйных арганізацый ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, у тым ліку ў электронным выглядзе;
ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю камерцыйных арганізацый з удзелам замежных грамадзян, замежных і міжнародных арганізацый, а таксама змяненняў і (або) дапаўненняў, якія ўносяцца ў іх статуты (устаноўчыя дагаворы – для камерцыйных арганізацый, якія дзейнічаюць толькі на падставе ўстаноўчых дагавораў), у тым ліку на падставе электронных дакументаў;
прымае рашэнні аб ліквідацыі камерцыйных арганізацый з удзелам замежных грамадзян, замежных і міжнародных арганізацый, аб унясенні запісу ў АДР аб выключэнні такіх арганізацый з дадзенага рэестра;
прадстаўляе інтарэсы аблвыканкама ў судах па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі камерцыйных арганізацый з удзелам замежных і міжнародных арганізацый, а таксама камерцыйных арганізацый з удзелам замежных грамадзян;
фарміруе і вядзе тэрытарыяльную частку АДР і прадстаўляе ў Міністэрства юстыцыі звесткі аб суб'ектах гаспадарання для ўключэння і выключэння іх з гэтага рэгістра;
прадастаўляе ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку звесткі, якія змяшчаюцца ў АДР;
узаемадзейнічае з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі камерцыйных арганізацый з удзелам замежных і міжнародных арганізацый, а таксама камерцыйных арганізацый з удзелам замежных грамадзян, дзяржаўнай рэгістрацыі змяненняў і (або) дапаўненняў, якія ўносяцца ў іх статуты (устаноўчыя дагаворы – для камерцыйных арганізацый, якія дзейнічаюць толькі на падставе ўстаноўчых дагавораў), з выкарыстаннем аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Узаемадзеянне»;
ажыццяўляе праверку дзейнасці раённых і Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў (далей – райгарвыканкамы), якім ва ўстаноўленым парадку дэлегавана частка паўнамоцтваў па дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання, у межах паўнамоцтваў, прадастаўленых актамі заканадаўства;
уносіць у райгарвыканкамы абавязковыя для выканання гэтымі органамі прадстаўленні аб ліквідацыі дапушчаных парушэнняў, выяўленых у выніку праверак;
забяспечвае метадычнае кіраўніцтва і кантроль за дзейнасцю райгарвыканкамаў пры выкананні імі функцый рэгіструючага органа;
уключае ў АДР звесткі аб дзяржаўных органах, якія рэалізуюць свае дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў адпаведнай сферы (вобласці) дзяржаўнай дзейнасці на тэрыторыі Мінскай вобласці, і дзяржаўных юрыдычных асобах, палажэнні аб якіх зацверджаны актамі заканадаўства, за выключэннем законаў, нарматыўных прававых актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, месцам знаходжання якіх з'яўляецца тэрыторыя Мінскай вобласці;
рэалізуе іншыя правы і абавязкі, прадастаўленыя рэгіструючаму органу актамі заканадаўства;
4.10. у сферы абавязковай юрыдычнай экспертызы:
праводзіць абавязковую юрыдычную экспертызу нарматыўных прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню;
узаемадзейнічае з Міністэрствам юстыцыі, Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага ўзроўню па пытаннях правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы;
праводзіць праверкі выканання ў мясцовых саветах дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органах базавага ўзроўню ўстаноўленага парадку падрыхтоўкі, прыняцця (выдання), уліку, накіравання на абавязковую юрыдычную экспертызу нарматыўных прававых актаў, правамернасці прымянення іх нарматыўных прававых актаў, якія не прайшлі абавязковую юрыдычную экспертызу. Па выніках праверак уносіць у мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы базавага ўзроўню абавязковыя для выканання прадстаўлення аб ліквідацыі дапушчаных парушэнняў;
не радзей аднаго раза ў паўгоддзе абагульняе вынікі правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню і інфармацыю пра іх даводзіць да кіраўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню з канкрэтнымі прапановамі аб удасканаленні нарматворчага працэсу;
штогод інфармуе аблсавет і аблвыканкам аб якасці нарматворчай дзейнасці ў дачыненні да адпаведна мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню;
4.11. у сферы архіўнай справы і справаводства: арганізуе камплектаванне, вызначае склад дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, якія падлягаюць перадачы на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архівы Мінскай вобласці;
арганізуе і вядзе дзяржаўны ўлік дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь;
ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва працай архіваў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый Мінскай вобласці; сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання ўдзельнічае ў мерапрыемствах па развіцці і ўдасканаленні сеткі архіваў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый Мінскай вобласці, арганізацыі іх працы;
каардынуе метадычную работу дзяржаўных архіваў Мінскай вобласці, ажыццяўляе меры па ўкараненні навуковых распрацовак у галіне архівазнаўства, дакументазнаўства, археаграфіі ў практыку іх работы;
арганізуе павышэнне кваліфікацыі работнікаў дзяржаўных архіваў Мінскай вобласці і архіваў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый Мінскай вобласці;
арганізуе своечасовы разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях архіўнай справы і справаводства, прымае па іх неабходныя меры;
арганізуе і вядзе цэнтралізаваны дзяржаўны ўлік дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца на пастаянным захоўванні ў дзяржаўных архівах Мінскай вобласці, тэрытарыяльных (гарадскіх або раённых) архівах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, дзяржаўных музеях і бібліятэках Мінскай вобласці;
арганізуе ўкараненне аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм у практыку работы дзяржаўных архіваў Мінскай вобласці;
арганізуе работу экспертна-праверачнай камісіі па разглядзе пытанняў, звязаных з вызначэннем складу дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, экспертызай каштоўнасці дакументаў, іх перадачай на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архівы Мінскай вобласці;
з'яўляецца органам упраўлення дзяржаўнымі архівамі Мінскай вобласці;
4.12. у сферы дзейнасці архіва органаў загса: выдае паўторныя пасведчанні аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, даведкі, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану (аб запісе акта грамадзянскага стану, аб адсутнасці запісу акта аб заключэнні шлюбу), паведамленні аб адсутнасці запісу акта грамадзянскага стану на падставе запісаў актаў грамадзянскага стану, учыненых органамі загса;
выдае копіі запісаў актаў грамадзянскага стану па запытах суда, пракуратуры, органаў крымінальнага пераследу, натарыусаў у сувязі са знаходжаннем спраў у іх вытворчасці, а таксама консульскіх устаноў, дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь у выпадку выканання імі консульскіх функцый, органаў загса, Міністэрства юстыцыі, органаў прымусовага выканання, іншых дзяржаўных органаў (службовых асоб) у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі;
уносіць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку змяненні, дапаўненні і выпраўленні ў другія экзэмпляры запісаў актаў грамадзянскага стану, вырабляе адзнакі аб скасаванні шлюбу ў другіх экзэмплярах запісаў актаў аб заключэнні шлюбу, а таксама анулюе другія экзэмпляры запісаў актаў грамадзянскага стану;
прымае на захоўванне другія асобнікі запісаў актаў грамадзянскага стану, якія падлягаюць статыстычнай апрацоўцы, ад органаў дзяржаўнай статыстыкі, а не падлягаюць статыстычнай апрацоўцы, – ад аддзелаў загса;
забяспечвае захоўванне другіх асобнікаў запісаў актаў грамадзянскага стану;
ажыццяўляе фарміраванне заявак на выраб бланкаў пасведчанняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану для органаў загса, архіва органаў загса, а таксама забяспечвае іх атрыманне, улік, захоўванне i выдачу названым органам;
4.13. у рамках міжнароднага супрацоўніцтва:
забяспечвае ў межах сваёй кампетэнцыі выкананне міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь аб прававой дапамозе;
атрымлівае ад устаноў юстыцыі замежных дзяржаў просьбы аб аказанні прававой дапамогі ў рамках міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь аб прававой дапамозе і накіроўвае для выканання кампетэнтным установам юстыцыі, а таксама накіроўвае ў замежныя дзяржавы аналагічныя просьбы ўстаноў юстыцыі;
4.14. прастаўляе апастыль на афіцыйных дакументах, складзеных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
4.15. ва ўстаноўленых заканадаўствам выпадках ажыццяўляе кантрольную дзейнасць, вынікі якой афармляюцца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства;
4.16. у сферы адкрыцця прадстаўніцтваў замежных арганізацый:
выдае дазволы (дублікаты) на адкрыццё прадстаўніцтваў замежных арганізацый і дазволы на падаўжэнне тэрміну дзеяння дазволаў на адкрыццё такіх прадстаўніцтваў, размешчаных на тэрыторыі Мінскай вобласці;
ажыццяўляе падрыхтоўку праектаў рашэнняў аблвыканкама па пытаннях выдачы дазволаў на адкрыццё прадстаўніцтваў замежных арганізацый і дазволаў на падаўжэнне тэрміну дзеяння дазволаў на адкрыццё такіх прадстаўніцтваў, а таксама ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам, спынення дзейнасці прадстаўніцтваў замежных арганізацый;
ажыццяўляе іншыя прадугледжаныя заканадаўствам дзеянні ў дачыненні да прадстаўніцтваў замежных арганізацый;
4.17. ажыццяўляе агульную каардынацыю дзейнасці Жодзінскага гарадскога, раённых выканаўчых камітэтаў Мінскай вобласці, службы «адно акно» па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур;
____________________________________________________
Падпункт 4.17 пункта 4 - са зменамі, унесенымі рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 9 лютага 2022 г. № 85
4.17. ажыццяўляе агульную каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службы "адно акно" па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур;
——————————————————————————————
4.18. у межах кампетэнцыі ажыццяўляе:
арганізацыю ідэалагічнай работы;
арганізацыю работы па супрацьдзеянні карупцыі;
забеспячэнне патрабаванняў аховы працы, пажарнай бяспекі,
заканадаўства ў галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, мабілізацыйнай падрыхтоўкі;
4.19. распараджаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і замацаваная на праве аператыўнага кіравання за галоўным упраўленнем юстыцыі, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне гэтай маёмасці;
4.20. прадстаўляе ва ўстаноўленыя тэрміны ў Міністэрства юстыцыі інфармацыю аб аб'ектах невыкарыстоўваемай і неэфектыўна выкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці, замацаванай на праве аператыўнага кіравання за галоўным упраўленнем юстыцыі, якая падлягае ўключэнню ў гаспадарчы абарот для фарміравання каляндарнага графіка па ўключэнню ў гаспадарчы абарот аб'ектаў нерухомай маёмасці (пры наяўнасці);
4.21. выконвае іншыя функцыі, прадугледжаныя заканадаўствам.
5. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі мае права:
запытваць у мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый, а таксама службовых асоб інфармацыю і матэрыялы, неабходныя для ажыццяўлення ўскладзеных задач;
даваць арганізацыям у межах сваёй кампетэнцыі ўказанні па пытаннях работы архіваў і арганізацыі дакументаў у справаводстве;
уносіць кіраўнікам мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню інфармацыю аб выяўленых фактах сістэматычнай неадпаведнасці нарматыўных прававых актаў крытэрам ацэнкі ў мэтах вырашэння пытання аб мэтазгоднасці прыцягнення службовых асоб нарматворчых органаў да дысцыплінарнай адказнасці.
6. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі ўзначальвае начальнік, які прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады старшынёй аблвыканкама па ўзгадненні з Міністрам юстыцыі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі мае намеснікаў, якія па яго прадстаўленні і ўзгадненні з Міністрам юстыцыі прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады старшынёй аблвыканкама, за выключэннем намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі – начальніка ўпраўлення прымусовага выканання, які прызначаецца і вызваляецца ад пасады Міністрам юстыцыі па ўзгадненні са старшынёй аблвыканкама.
Начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі кіруе дзейнасцю ўпраўлення і нясе персанальную адказнасць за выкананне ўскладзеных на ўпраўленне задач і ажыццяўленне ім сваіх функцый, размяркоўвае абавязкі паміж сваімі намеснікамі, усталёўвае ступень іх адказнасці і адказнасці начальнікаў структурных падраздзяленняў упраўлення за кіраўніцтва асобнымі напрамкамі яго дзейнасці, а таксама:
арганізуе работу калегіі галоўнага ўпраўлення юстыцыі і старшынствуе на яе пасяджэннях;
распараджаецца грашовымі сродкамі ў межах зацверджанага каштарысу расходаў;
зацвярджае каштарыс расходаў, штатны расклад галоўнага ўпраўлення юстыцыі ў межах структуры і штатнай колькасці, устаноўленых распараджэннем старшыні аблвыканкама (за выключэннем тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання);
прызначае на пасады і вызваляе ад пасад ва ўстаноўленым парадку работнікаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі;
у межах сваёй кампетэнцыі выдае загады і падпісвае пастановы;
рэалізуе кадравую палітыку, накіраваную на ўкамплектаванне галоўнага ўпраўлення юстыцыі высокакваліфікаванымі спецыялістамі, іх прафесійнае навучанне і выхаванне на аснове строгага выканання заканадаўства, нормаў прафесійнай этыкі;
у межах, устаноўленых заканадаўствам і гэтым Палажэннем, распараджаецца маёмасцю, забяспечвае яе захаванасць і эфектыўнае выкарыстанне, выконвае іншыя правы і абавязкі па распараджэнні маёмасцю.
7. У галоўным упраўленні юстыцыі ўтвараецца калегія. Колькасць і персанальны склад калегіі зацвярджаюцца распараджэннем старшыні аблвыканкама.
Рашэнні калегіі, якія датычацца ўнутранай дзейнасці галоўнага ўпраўлення юстыцыі, рэалізуюцца загадамі начальніка, рашэнні калегіі па іншых пытаннях - пастановамі калегіі галоўнага ўпраўлення юстыцыі. У выпадку рознагалоссяў паміж начальнікам галоўнага ўпраўлення юстыцыі і калегіяй начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі рэалізуе сваё рашэнне, дакладваючы аб узнікшых рознагалоссях старшыні аблвыканкама і міністру юстыцыі, а члены калегіі, у сваю чаргу, могуць інфармаваць аблвыканкам і Міністэрства юстыцыі аб сваёй пазіцыі.
8. Структура і штаты галоўнага ўпраўлення юстыцыі зацвярджаюцца распараджэннем старшыні аблвыканкама (за выключэннем тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання).
9. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі з'яўляецца юрыдычнай асобай, мае пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і са сваёй назвай.